Лагіст – гэта прафесія будучыні

Мы звярнуліся да нашых першакурснікаў з адным-адзіным пытаннем: З якой мэтай яны паступілі на факультэт эканомікі і права? Чаму яны аддалі перавагу менавіта лагістыцы?Якой яны ўяўляюць сваю будучую спецыяльнасць?

 І вось якія адказы мы атрымалі…

 

Андрэй Бараноўскі: Лагіст – спецыяліст, які адказвае за рэалізацыю такой, здавалася б, простай задачы: з пункта А у пункт Б перавезці тавар з найменшымі фінансавымі і часавымі затратамі. Гэта не значыць, што яму самому прыйдзецца садзіцца за руль аўтамабіля і ехаць на склад. Лагіст павінен эфектыўна кіраваць і планаваць працу аддзела закупак, склада, распараджацца наяўным транспартам. Можна сказаць, што лагіст – гэта арганізатар любога працэсу ў розных вытворчых сферах.

Раман Віняцкі: Падрыхтаваны, граматны  лагіст прыносіць велізарную карысць свайму прадпрыемству, ён эканоміць немалыя сродкі на аптымізацыі перавозак… Гэта прафесія заўтрашняга дня. Таму патрэбнасць у лагістах – арганізатарах рацыянальнага працэсу па дастаўцы тавараў з найменшымі затратамі будзе расці.

Леван Дзіасамідзе: Мне падабаецца, што ў лагістычнай сферы  ў мяне ёсць магчымасць расці і развівацца як прафесіяналу. Думаецца, гэта цікава: складаць аптымальныя маршруты, шукаць надзейных партнёраў для перавозак, заключаць дагаворы, абгрунтоўваць рацыянальныя тарыфы на перавозкі, знаходзіць аптымальныя рашэнні ў спрэчных і форс-мажорных сітуацыях.

Валерыя Ільіна: Я мару пра стабільную і любімую работу. Мне думаецца, што лагіст, які, апроч спецыяльных ведаў, дасканала валодае і замежнымі мовамі, мае яшчэ большыя перспектывы працаўладкавання. Таму я хачу за гады вучобы прафесійна асвоіць і замежную мову, каб упэўнена адчуваць сябе на сучасным рынку працы.

Святлана Каравасава: Я выбрала лагістыку не толькі з-за перспектыў працаўладкавання. Скончыўшы дзявяты клас, я пачала задумвацца аб выбары прафесіі. На мой выбар паўплывала кніга Роберта Кійасакі «Квадрант грашовага патоку». Гэта кніга аб важнасці фінансавых ведаў. «Квадрант грашовага патоку» расказвае пра розныя тыпы людзей, якія прадстаўляюць свет бізнесу. Прачытаўшы гэтую кнігу, я зразумела, што хачу з часам мець свой бізнес. Пачатковы капітал я планую атрымаць, працуючы ў сферы лагістыкі.Так што лагістыка для мяне – гэта сур'ёзна.

Дар'я Ківерык: Прааналізаваўшы спіс запатрабаваных прафесій, я адкрыла для сябе такую цікавую і перспектыўную, як лагістыка. Мне падабаецца, што я буду працаваць як з дакументамі, так і з людьмі, а значыць, мне спатрэбяцца веды і па псіхалогіі ўзаемаадносін. Да таго ж, мая  будучая прафесія, як правіла, высокааплатная, што немалаважна ў наш час.

Я рада, што паступіла ў Віцебскі філіял  Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО» і маю магчымасць набываць спецыяльнасць, якая мяне цікавіць. Гэта мой свядомы выбар, і ён мяне радуе.

Данііл Каранеўскі: Айчынная эканоміка мае сур'ёзную патрэбу ў лагістах-прафесіяналах, дыпламаваных спецыялістах. Мне лагістыка бачыцца як інтэграваны ланцужок паставак, як навука пра фарміраванне канкурэнтнай стратэгіі прадпрыемстваў.

Мне падабаецца вучыцца на факультэце эканомікі і правы. Глыбока перакананы, што выбар я зрабіў правільны.

Аліна Караткевіч: У супермаркетах мы бачым мноства тавараў, але ніколі не задумваемся, як яны трапляюць на прылавак. А некаторыя прадукты і тавары пераадольваюць вялікі і няпросты шлях, перш чым трапіць да пакупніка.

Без лагістыкі немагчыма ўявіць сучасную эканоміку. У будучым лагістычныя цэнтры стануць адзіным выратаваннем для забеспячэння жыццядзейнасці мегаполісаў. Патрэба ў лагістах будзе расці.

Павел Ракуць: Лагіст павінен валодаць многімі характарыстыкамі і якасцямі: мець спецыялізаваную грунтоўную адукацыю, валодаць арганізатарскімі здольнасцямі, умець наладжваць канструктыўнае супрацоўніцтва, вырашаць канфліктныя сітуацыі, мець вопыт пазітыўных зносін, валодаць якасцямі лідара.

Гэта перспектыўная і запатрабаваная прафесія для моладзі. Лічу, што я абраў правільнае і рацыянальнае рашэнне – стаць лагістам.

Ігар Скрыпко: У будучым я планую заняцца бізнесам. Таму атрыманне  спецыяльнасці лагістыка-эканаміста з’яўляецца зыходным і важным пунктам у маім жыццёвым плане. Наогул, сама лагістыка, якая задзейнічае суладную працу многіх кампаній рознага профілю, – гэта спецыфічны, своеасаблівы і цікавы бізнес.

На “Уводзінах у спецыяльнасць” наш выкладчык Таццяна Паўлаўна расказвала нам пра паспяховых выпускнікоў “МІТСО”, якія пасля вучобы “адкрылі” свой уласны бізнес. Спадзяюся, што я прадоўжу гэты спіс паспяховых айчынных бізнесменаў.

Аліна Федуковіч: Прафесія лагіста падыходзіць камунікабельным і мабільным людзям з аналітычнымі здольнасцямі, якія могуць думаць творча і ўмеюць працаваць самастойна. Лагіст – гэта не офісны работнік, як думаюць многія. Яму даводзіцца часта раз’язджаць, каб аператыўна вырашаць праблемы на месцы.

Добрымі спецыялістамі становяцца тыя, хто мае выдатныя веды ў галіне эканомікі, матэматыкі, юрыспрудэнцыі. Я маю надзею, што змагу стаць прафесіяналам у абранай сферы дзейнасці, таму што мне цікава вывучаць новыя дысцыпліны, спазнаваць законы эканомікі.

Арцём Шадзько: У будучым я як лагіст буду кіраваць ланцужком паставак, яго стварэннем і далейшай аптымізацыяй, арганізацыяй дастаўкі і захоўвання таварна-матэрыяльных каштоўнасцей.

Пакуль што я – першакурснік, вучыцца мне падабаецца. Мне хочацца верыць: мая будучая прафесія – самая лепшая.